Удзельнiчаем у рэспублiканскiм форуме
Каардынатар праектнай дзейнасцi установы адукацыi Галiна Анатольеўна Богдан прадставiла вопыт супрацоўнiцтва школы з дзiцячым часопiсам "Бярозка" на дзвюх секцыях рэспублiканскага форума «Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання», якi адбыуся 13 кастрычнiка ў Мiнску.
13 кастрычніка 2016 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Рэспубліканскі форум «Кніга=свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання», арганізатарам якога выступілі Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом „Звязда“», Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», Установа «Рэдакцыя газеты „Настаўніцкая газета“». Удзельнікамі мерапрыемства сталі пісьменнікі і педагогі, выдаўцы і навукоўцы, супрацоўнікі бібліятэк і спецыялісты сістэмы адукацыі, студэнты і школьнікі.
На адкрыцці форуму з прывітальным словам да прысутных звярнуліся дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Аляксандравіч Важнік і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Сцяпанавіч Матульскі. Старшыня аргкамітэта мерапрыемства, Ірына Леанідаўна Шаўлякова-Барзенка, начальнік Адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, распавяла пра праграму і рэгламент працы.
У ходзе пленарнага пасяджэння былі заслуханы даклады «Дзіцячае чытанне як гарантыя духоўна-маральнай бяспекі беларускага грамадства» Аляксандра Мікалаевіча Карлюкевіча, пісьменніка, дырэктара – галоўнага рэдактара Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом „Звязда“», «Чытач – гэта культурны статус» Анатоля Мікалаевіча Андрэева, прафесара кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт», доктара філалагічных навук, культуролага, пісьменніка, і «Дэструкцыя іерархіі чытання ў эпоху інтэрнэту» Людмілы Іванаўны Рублеўскай, пісьменніцы, літаратурнага аглядальніка. Гэтыя выступленні знайшлі жывы водгук у аўдыторыі і выклікалі шматлікія пытанні.
З вялікім інтарэсам прысутныя сустрэлі і прэзентацыю інтэрнэт-рэсурсу «КнігаСвет», які прадставіла начальнік упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі Гюльнара Мансураўна Юсцінская. Інавацыйны паводле шляхоў і сродкаў рэалізацыі гэты праект мае на мэце стварэнне ўмоў для шматвектарнага развіцця культуры чытання беларускага грамадства, інтэнсіфікацыі працэсаў, звязаных з выхаваннем кампетэнтнага, кваліфікаванага чытача на працягу ўсяго жыцця, а таксама для фарміравання і развіцця адкрытага інавацыйнага асяроддзя, арыентаванага на актыўнае ўзаемадзеянне ўсіх, хто зацікаўлены ў росце прэстыжнасці літаратуры і чытання як нацыянальнай культурнай каштоўнасці (чытачоў розных узростаў, літаратараў, выдаўцоў, бібліятэкараў, педагогаў, навучэнцаў і інш.).
Цёплых эмацыянальных фарбаў форуму надалі дзве цырымоніі ўшанавання. Выдавецкі дом «Звязда» спецыяльнымі дыпломамі «За пашырэнне чытацкай аўдыторыі беларускай літаратуры» адзначыў лепшых бібліятэкараў сістэмы культуры і адукацыі. А Нацыянальны інстытут адукацыі ўзнагародзіў пераможцаў II этапа культурна-інфармацыйнага марафону «Культ-пра-Свет» і дыстанцыйнага праекта «Стартап-фэст „Спадчына.tut“».
Пасля форум працягнуў працу па секцыях. Секцыя 1 была прысвечана тэме «Культура чытання як педагагічная праблема» (мадэратар – Вольга Іванаўна Царова, дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт», кандыдат педагагічных навук, дацэнт), у ходзе якой навукоўцы, метадысты, настаўнікі і бібліятэкары вялі гаворку пра павышэнне цікавасці ў дзяцей і падлеткаў да чытання мастацкай літаратуры і выхаванне творчага чытача. «Сучасны літаратурны працэс: традыцыі і наватарства» – праблема, што абмяркоўвалася пісьменнікамі, літаратуразнаўцамі, навукоўцамі і выкладчыкамі на 2-й секцыі (мадэратар – Лада Віктараўна Алейнік, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт», кандыдат філалагічных навук, дацэнт). Гаворка пра тое, якой мусіць быць сучасная кніга, ішла на секцыі 3 «Праблемы і перспектывы развіцця беларускага кнігавыдання. сучасныя фарматы кніжных выданняў» (мадэратар – Святлана Дзмітрыеўна Дзянісава, галоўны рэдактар часопісаў «Маладосць», «Бярозка»).
Удзельнікі форуму пабывалі таксама на майстар-класах «Як напісаць рэцэнзію на кнігу і чым яна адрозніваецца ад школьнага сачынення» (вядучая – Ларыса Іванаўна Цімошык, галоўны рэдактар газеты «Лiтаратура i мастацтва») і «„Ад таленавітага пісьменніка да таленавітага чытача“: фарміраванне чытацкай культуры ў сістэме бесперапыннай літаратурнай адукацыі» (вядучая – Марына Генадзьеўна Лобан, старшы выкладчык кафедры літаратуры УА «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна») і круглым стале «Часопіс „Бярозка“ ў школе: адукацыйныя і выхаваўчыя аспекты» (мадэратар – Святлана Дзмітрыеўна Дзянісава).
Вынікі працы форуму падводзяцца на аснове прапаноў ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства, якія можна даслаць наінфалінію нацыянальнага адукацыйнага партала і інтэрнэт-рэсурс «КнігаСвет».
З матэрыяламі рэспубліканскага форуму «Кніга=свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання» можна будзе падрабязней пазнаёміцца на нацыянальным адукацыйным партале і партале Выдавецкага дома «Звязда».